14 снежня ў касцёле Маці Божай Будслаўскай, што на Каменнай горцы ў Мінску, перад вернікамі выступіў хор сярэдніх класаў дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 2 імя Мікалая Аладава.
За 69 гадоў сваёй гісторыі школа выпусціла больш за пяць тысяч музыкаў. Сёння яна ўносіць значны ўклад у развіццё музычнай культуры Рэспублікі Беларусь. Яе выпускнікі працуюць на найбуйнейшых музычных сцэнах краіны і замежжа.
На працягу некалькіх месяцаў салісты хору пад кіраўніцтвам Алены Шмагарэўскай і канцэртмайстраў Барбары Царук і Марыны Масціцкай сумесна з баянна-акардэонным аркестрам Sonus internumпад кіраўніцтвам Алены Дзямідчык рыхтавалі калядны канцэрт-казку для вернікаў.
«Кожны чалавек сэрцам чакае Каляды. Езус прыйшоў на зямлю і прынёс нам самае галоўнае — праўду. Для кожнага з нас яна заключаецца ў сіле, мудрасці і ласцы звыш.
Удзельнікі перадсвяточнага канцэрту сёння падаравалі слухачам чароўны настрой і яшчэ раз нагадалі, што Адвэнт і Каляды — гэта час веры, надзеі, любові і цудаў»,— адзначыў пробашч парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску ксёндз Францішак Рудзь.
Канцэрт калядных спеваў у гэтай маладой сталічнай парафіі ў перыяд Адвэнту ужо стаў добрай традыцыяй. Яго з нецярплівасцю чакалі вернікі.
Кожнаму ўдзельніку канцэрту і малодшым слухачам ксёндз Францішак уручыў салодкія падарункі і нагадаў, што чалавек адчувае самую вялікую слодыч, калі дорыць дабро і радасць іншым людзям.
Автор статьи — Ксёндз Францiшак Рудзь.
Статья опубликована с сайта catholic.by